Чытанне як сродак усебаковага развіцця асобы дзіцяці

Чытанне як сродак усебаковага развіцця асобы дзіцяці 

(кансультацыя для бацькоў)

14683043

         У сённяшнім жыцці ўсім, асабліва дзіцяці, неабходныя маральныя апоры, чыстыя вытокі духоўнага жыцця. Менавіта ў дзяцінстве, калі фарміруюцца ўяўленні дзіцяці пра тое, што добра, а што дрэнна, закладваецца маральны фундамент асобы.      

      Дзе шукаць дзіцяці гэтыя маральныя каштоўнасці, духоўныя ўзоры , як не ў “Культуры чалавецтва і свайго народа”.

       Мастацкая літаратура займае пачэснае месца ў агульнай сістэме выхавання і навучання дашкольнікаў. Пад яе ўплывам фарміруецца нацыянальны характар, адбываецца станаўленне нацыянальнай самасвядомасці. Праз літаратурныя творы маленькія слухачы, як праз акенца, маюць магчымасць убачыць усю прыгажосць і разнастайнасць навакольнага свету.

      Мастацкая літаратура - адзін з найважнейшых сродкаў усебаковага развіцця асобы дзіцяці. Яна абуджае думкі дашкольніка, дапамагае яму арыентавацца ў навакольнай рэчаіснасці. Выхаванцы пачынаюць бачыць у знаёмых прадметах і з'явах новыя, раней не заўважаныя імі якасці, успрымаюць прадметы і з'явы ў іх унутранай сувязі.

      003book_of_life_and_rose_by_mou-1

   Мастацкая літаратура традыцыйна разглядаецца педагогамі як сродак разумовага, маральнага і эстэтычнага выхавання. Па словах Сухамлінскага, «чытанне кніг - сцяжынка, па якой умелы, разумны, які думае выхавальнік знаходзіць шлях да сэрца дзіцяці».

     Мэтай азнаямлення дашкольнікаў з мастацкай літаратурай, па словах С.Я.Маршака, з’яўляецца “фарміраванне будучага вялікага і таленавітага чытача, культурнага адукаванага чалавека”, таму знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў, даступнымі для ўспрымання дзяцей, трэба пачынаць менавіта з дашкольнага ўзросту.

       Мастацкую літаратуру неабходна актыўна выкарыстоўваць для пашырэння кругагляду дзяцей, азнаямлення з прадметамі і з’явамі прыроды, жыццём і дзейнасцю людзей. Яна дапамагае дашкольніку стварыць структуру свайго інтэлекту, устанаўліваць рознага роду сувязі: я і іншыя, я і рэчы. Яна з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця, адкуль дзеці атрымліваюць звесткі пра рэальнасць, якую яны яшчэ не ведаюць.

      Змест мастацкага твора пашырае кругагляд маленькага чытача, выводзіць яго вопыт за рамкі асабістых назіранняў, адкрывае перад ім сацыяльную рэчаіснасць: распавядае аб працы і жыцці людзей, аб вялікіх справах і подзвігах і г.д.

anime-knigi-10

 

      Раскрываючы ўнутраны свет чалавека, паказваючы характары, пачуцці, матывы учынкаў, а так жа выказваючы стаўленне аўтара да адлюстраваных з'яў, творы мастацкай літаратуры прымушаюць выхаванца хвалявацца, спачуваць героям або асуджаць іх. Яны дапамагаюць фарміраваць уменне даваць маральныя ацэнкі, аказваюць уплыў на паводзіны дзяцей, іх узаемаадносіны з аднагодкамі і дарослымі....

       Творы славеснага мастацтва мэтанакіравана і гарманічна фарміруюць маральны і творчы патэнцыял выхаванцаў дашкольнага ўзросту.

   Мастацкі твор выступае для дзяцей і як узор маральных паводзін, скарбніца розных характараў і лёсаў, сімвал чысціні і міласэрнасці. На яго аснове ў дашкольнікаў выхоўваецца прынцыповасць, сумленнасць, сапраўдная грамадзянскасць. Дзіцячая кніга спрыяе паяўленню ў дзяцей пачуцця адказнасці: гэта клопат аб маленькіх, павага да старэйшых. Пад уплывам мастацкага твора ў дзяцей фарміруецца культура паводзін.

      Пры азнаямленні з мастацкім словам уваходзіць у жыццё дзіцяці і добры мастацкі жарт. Ён выкарыстоўваецца для выхавання і развіцця ў дашкольнікаў пачуцця гумару. На яркіх літаратурных прыкладах з дапамогай гумару дзіця хутчэй вылечваецца ад ляноты, упартасці, эгаізму.

       Літаратурныя творы неабходна выкарыстоўваць для таго, каб паказаць выхаванцам усю прыгажосць роднай Бацькаўшчыны, выхоўваць у іх пачуццё вялікай павагі і любві да яе.

      Разам з выхаваннем высокай мастацкасці і духоўнасці літаратурныя творы з’яўляюцца першакрыніцай навучання дашкольнікаў роднай мове. Яркія вобразы, трапныя словы і выразы мастацкай літаратуры закладваюць у дзяцей асновы любві да роднай мовы, да роднай прыроды, да свайго народу, да Айчыны. Народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас пісаў: “Родае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акалючы свет. Таму неабходна старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры”.

      3301500

      Знаёмства выхаванцаў з кнігай суправаджаецца глыбокім пранікненнем у духоўныя вытокі роднай мовы. Жадаючы зразумець твор, дзіця адначасова стараецца зразумець і словы, з якіх гэты твор складаецца, усвядоміць іх структуру. Менавіта мастацкая літаратура з’яўляецца вызначальнай асновай развіцця ў дзіцяці мілагучнага і трапнага роднага слова.

    Роля і значэнне мастацкай літаратуры яшчэ больш павялічваецца ў сітуацыі блізкародаснага білінгвізму. Яна з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў навучання першапачатковым навыкам разумення беларускай мовы, паступовага папаўнення і замацавання слоўнікавага запасу, а таксама ўзнаўлення пачутага на роднай мове.

      Мастацкі твор дае шмат карыснага для разумовай дзейнасці выхаванцаў. Пад яго ўздзеяннем ва ўяўленнях маленькага чалавека ўзнікаюць жывыя вобразы, якія дапамагаюць зразумець ідэйны змест. Разам з тым, дзіця арыентуецца ў даступных для яго разумення з’явах рэчаіснасці, бачыць у іх новыя, раней не заўважаныя якасці, набывае разнастайныя веды пра навакольны свет. Кнігі, у якіх даецца пазнавальны матэрыял, задавальняюць цікавасць выхаванцаў, упарадкоўваюць той вопыт, які быў набыты дзецьмі раней.

       Для развіцця творчых здольнасцей выхаванцаў неабходна арганізоўваць ролевыя гульні па літаратурных сюжэтах, інсцэніроўкі і драматызацыі, выкарыстоўваць выразнае чытанне і іншыя віды мастацка- маўленчай дзейнасці (стварэнне апавяданняў, казак, вершаў, загадак і інш.).

     Але мастацкая літаратура выконвае сваё прызначэнне выхоўваць і ўсебакова развіваць дзяцей толькі тады, калі пры ўспрыманні твора праяўляюцца пачуцці, узнікаюць думкі, калі твор прыносіць эстэтычнае задавальненне.

Падрыхтавала Кунчэўская Ю.А.

955182010 955182010

 

 

Крыніцы:

1. Дубініна, Дз.М., Старжынская, Н.С. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе/Дубініна Дз.М., Старжынская Н.С. – Мн.:Нар.асвета, 1999. – 103 с.

2. Старжынская, Н.С., Дубініна, Дз.М. Методыка развіцця роднай мовы /Н.С.Старжынская, Дз.М.Дубініна. – Мінск:Выш.шк., 2008. – 301 с.

3. Матэрыялы інтэрнэт сайтаў